Эксперты ААН выказалі сур’ёзную занепакоенасць новым законам у Беларусі аб забароне «прапаганды» ЛГБТ, змены полу і бяздзетнасці. На іх думку, дакумент уводзіць небяспечную норму, якая фактычна можа крыміналізаваць законную праваабарончую дзейнасць і свабоднае выказванне меркаванняў, паведамляе reform.news.
Асаблівую крытыку выклікала тое, што закон звязвае тэмы сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці з такімі злачынствамі, як педафілія, што ўзмацняе стыгматызацыю і варожасць у грамадстве.
Эксперты падкрэсліваюць, што размытыя фармулёўкі адкрываюць шлях да адвольнага прымянення і ўзмацнення рэпрэсій супраць ужо ўразлівых груп, уключаючы актывістаў і праваабаронцаў. Закон таксама можа негатыўна паўплываць на правы жанчын, асабліва ў сферы сексуальнага і рэпрадуктыўнага здароўя, а таксама абмежаваць доступ трансгендарных людзей да неабходнай медыцынскай дапамогі.
Асобную трывогу выклікае норма пра «незаконнае прадстаўленне» Беларусі за мяжой, якая можа выкарыстоўвацца супраць грамадзянскай супольнасці. ААН заклікала ўлады спыніць дзеянне закона і перагледзець яго ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі правоў чалавека.
эж